background

Памяць жыве…

25.04.2022

Да 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа і да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцінаў, які адзначаецца 18 красавіка, а таксама да Міжнароднага дня скульптуры, які адзначаецца 24 красавіка, прадстаўляем інфармацыю аб помніках, бюстах, мемарыяльных дошках і знаках, якія звязаны з імем Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

 

Імя беларускага песняра Якуба Коласа вечна будзе гучаць на беларускай зямлі і за яе межамі, бо штодзённа людзі чытаюць яго творы, наведваюць музеі і іншыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта. Памяць аб ім беражліва захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

 Помнікі:

У Мінску на плошчы імя паэта помнік быў адкрыты ў 1972 годзе да 90-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Мінскія будаўнікі, скульптары, архітэктары надалі плошчы новае аблічча, стварыўшы на ёй прыгожы скульптурна-архітэктурны комплекс, аўтарамі якога з’яўляюцца народны мастак СССР З.Азгур, народны архітэктар СССР  Г. Заборскі, архітэктары М.Градаў і Л.Левін. Дамінантай скульптурнага комплекса з'яўляецца бронзавая фігура народнага паэта. Якуб Колас паказаны ў сталым узросце. Задумаўшыся сядзіць ён на вялікім камені-валуне. Ва ўсёй яго постаці мудры спакой, роздум. Абапал фігуры размешчаны скульптурныя групы герояў твораў Якуба Коласа «Дрыгва» і «Сымон-музыка». Дзед Талаш і яго сын Панас нібы сышлі са старонак «Дрыгвы» – нясуць дазор, насцярожана ўглядаюцца ў далячынь. Лірычныя вобразы другой скульптурнай групы – Сымон-музыка і Ганна, якая падпёршы рукамі галаву, зачаравана слухае музыку. Усе элементы скульптурнай кампазіцыі арганічна ўваходзяць у агульны ансамбль плошчы.  

Непадалёку, па вуліцы Казлова, знаходзяцца Вайсковыя могілкі. Тут пахаваны Якуб Колас побач з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай. У 1970 годзе на магіле паэта быў пастаўлены помнік, аўтарамі якога з’яўляюцца скульптары У. Ананька і М. Якавенка. 

У 2022 годзе плануецца адкрыццё помніка Якубу Коласу на яго малой радзіме ў Стоўбцах. Аўтарамі праекта помніка з’яўляюцца І.А. Міско, С.А. Логвін, У.А.Піпін. 

Бюсты:

  • Адзіным увасабленнем памяці паэта ў скульптуры на яго малой радзіме ў Стаўбцоўскім краі з’яўляецца бюст Якубу Коласу ў Мікалаеўшчыне. Скульптары — народны мастак БССР Аляксей Глебаў і Ігар Краўчанка, архітэктар — Леў Міцкевіч.  

  • Яшчэ адзін бюст Якубу Коласу ўстаноўлены ў Навагрудку каля будынка аўтавакзала ў знак павагі да паэта, які ў пасляваенныя гады некалькі разоў выбіраўся дэпутатам ад Навагрудскай выбарчай акругі. 

  • Бюст Якубу Коласу быў устаноўлены і ў Лунінцы, дзе у 1911-1912 гадах жыў і працаваў Якуб Колас.

  • У вёсцы Плоскае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Непадалёку ад цяперашней вёсцы Плоскае ў вёсцы Сані на пачатку 1908 года ў прыватнай школе ў маёнтку памешчыка К.Гардзялкоўскага Габрылёўка-Папоўка працаваў Якуб Колас. 

  • У 2011 годзе падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах быў адкрыты бюст Якубу Коласу, яго аўтары –  скульптары Павел Герасіменка і Алеся Грушчанкова. 

  • Яшчэ адзін бюст быў устаноўлены ў парку Нясвіжскага замка, таксама як і скульптурная кампазіцыя «Музыка і анёл» па матывах паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка». Гэта не выпадкова, Якуб Колас жыў у Нясвіжы падчас вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў ў 1902 годзе. 

  • Бюсты Якубу Коласу былі адкрыты за межамі Беларусі – ва Узбекістане і Кітае.
  • 24 жніўня 2018 года ў Ташкенце прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця бюста беларускага пісьменніка, паэта і грамадскага дзеяча Якуба Коласа, які пражываў і займаўся творчасцю ва ўзбекскай сталіцы ў 1941-1943 гадах. Аўтар бюста – член Акадэміі мастацтваў Узбекістана Марына Барадзіна – старалася стварыць вобраз валявога, разумнага, рашучага чалавека. 

  • Бюст Якубу Коласу работы беларускага скульптара Сяргея Гумілеўскага быў адкрыты у Цэнтры вывучэння Беларусі і беларускай мовы ў Цяньцзыньскім універсітэце замежных моў у верасні 2018 года – першы беларускі помнік, які з'явіўся ў Кітаі. 

 Стварэнне помнікаў  і бюстаў выдатнаму песняру беларускага народа Якубу Коласу з’яўляецца сведчаннем любові і павагі да вялікага грамадзяніна, пісьменніка, патрыёта, чые думы і мары былі заўсёды з беларускім народам.

 

Мемарыяльныя дошкі:

Мемарыяльныя дошкі ў гонар Якуба Коласа ўстаноўлены ў многіх мясцінах Беларусі і за яе межамі – у Мінску, Пінску, Лунінцы, Ганцавічах, а таксама ў Вільнюсе (Літва), Ташкенце (Узбекістан), Абаяні (Курская вобласць, Расійская Федэрацыя).

  • У Мінску ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага недалёка ад месца дзе стаяў даваенны дом Якуба Коласа (1927-1941 гг.). 
  • З 1928 года і да канца жыцця Якуб Колас быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. У Мінску на будынку Акадэміі навук Беларусі 3 лістапада 1969 года была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар паэта. На жаль, дошка была знята і да гэтага часу не ўсталявана на былым месцы. Спадзяемся, што 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа, якое будзе адзначацца сёлета, будзе добрай нагодай каб усталяваць яе зноў. 
  • У Пінску на доме па адрасе Чуклая, 63 (раней вул. Водаправодная. Аднапавярховы драўляны дом быў пабудаваны ў 1900 годзе.Тут на кватэры чыгуначнага фельчара А.А.Балевіча ў 1912—1915гг. жыў народны паэт Беларусі Якуб Колас (К.М.Міцкевіч). Ён працаваў настаўнікам у 3-м прыходскім вучылішчы. У пінскі перыяд творчасці Я. Колас напісаў апавяданні «Батрак», «Як Янка забагацеў» і інш., выдаў зборнік апавяданняў «Родныя з’явы» (1914 г.), працаваў над паэмай «Сымон-музыка».У 1964 годзе на будынку, дзе жыў Якуб Колас была ўсталявана мемарыяльная дошка.
  • У Пінску на будынку Пінскага 3-га прыходскага двухкласнага мужчынскага вучылішча, дзе працаваў Якуб Колас з 1912 г. да канца ліпеня 1914 г., была ўсталявана дошка з наступным надпісам: «Тут з 1912 па 1914 г. працаваў настаўнікам народны паэт БССР Якуб Колас».
  • У Пінкавічах на цагляным будынку на месцы былой драўлянай школы ў вёсцы Пінкавічы, дзе з 1904 па 1906 гг. працаваў настаўнікам у народным вучылішчы народны паэт Якуб Колас. 
  • У Пінску на званіцы Варварынскага сабора ў ліпені 2015 года ўстаноўлена мемарыяльная дошка аб вянчанні Якуба Коласа і Марыі Дзмітрыеўны. Паэт і яго выбранніца Марыя Каменская бралі шлюб у чэрвені 1913 года ў Праабражэнскім храме, які ўваходзіў у комплекс манастыра.
  • у Лунінцы, на будынку мясцовага краязнаўчага музея ўсталявана мемарыяльная шыльда, якая сведчыць аб тым, што ў 1911-1912 гадах у Лунінцы жыў і працаваў Якуб Колас.
  • на будынку музея і мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея ў г. Мар’іна Горка была ўсталявана шыльда з наступным надпісам: «Паселішча Мар’іна Горка, Талька, Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка (1933-1940 гг.), Балачанка (1945-1952 гг.) былі месцамі адпачынку народнага паэта Беларусі Якуба Коласа».
  • У вёсцы Балачанка на сучасным будынку адной з хат. Мемарыяльная дошка сведчыць аб тым, што ў Вёсцы Балачанка ў 1945-1951 гг. у хаце Канстанціна Дзяткі адпачываў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас.
  • У вёсцы Палачанка (недалёка ад Ракава, Валожынскі раён) на хаце, дзе летаваў Якуб Колас у 1953-1956 гг. Аўтар мемарыяльнай дошкі народны мастак Беларусі Іван Міско. У Палачанцы Якуб Колас спыняўся ў доме №2, у хаце калгасніка Мікалая Фёдаравіча Букрэя, якую ён наняў пад лецішча. Адсюль хадзіў у грыбы па навакольных лясах, пасядзець з вудачкай ля азярца, якога цяпер ужо няма. У Палачанцы некалькі гадоў запар летавалі сыны Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч і Міхась Канстанцінавіч са сваімі сем’ямі.
  • на будынку Люсінскага дзіцячага садка-школы імя Якуба Коласа у вёсцы Люсіна была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў 1966 годзе, якая была абноўлена ў 2011 годзе. У студзені 2016 года Люсінскаму дзіцячаму садку-сярэдняй школе было прысвоена імя Якуба Коласа.
  • На сучасным будынку школы ў Верхмені, аграгарадок Алесіна, Смалявіцкі раён, Мінскай вобласці мемарыяльная дошка сведчыць аб тым, што «У нашай вёсцы у 1906 годзе працаваў настаўнікам народны паэт Беларусі Якуб Колас» . Дошка была адкрыта ў 1969 годзе. 
  • Мемарыяльныя дошкі ўсталяваны на ўсіх будынках мемарыяльных сядзіб філіяла музея Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне – у Акінчыцах, Альбуці, Смольні, Ластку
  •  у Вільні, на будынку, у якім з траўня 1907 да вясны 1908 года месцілася рэдакцыя газеты «Наша Ніва», 9 лістапада 2017 была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У памяшканні рэдакцыі жыў і працаваў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас). 
  • 13 верасня 2018 года ў горадзе Абаянь, Курскай вобласці (РФ). На Куршчыне Якуб Колас аказаўся падчас Першай сусветнай вайны. У 1917-1920 гг. паэт працаваў настаўнікам і школьным інспектарам у в. Малыя Крукі, Другі Ліпавец. Аўтар барэльефа – народны мастак Беларусі Іван Міско. 
  • Ва Узбекістане на адным з будынкаў на вуліцы Пушкіна ў Ташкенце ўсталявана дошка, прысвечаная класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу. У гэтым будынку ў  час вайны размяшчаліся многія эвакуяваныя літаратары, у тым ліку са жніўня 1941 па лістапад 1943 года жыў і Якуб Колас. У 2017 годзе  пасля рэканструкцыі будынка дошка была вернута на месца разам з новым барэльефам, яго аўтар загадчыца кафедры дызайну Ташкенцкага архітэктурна-будаўнічага інстытута Марына Барадзіна. 
  •  

Мемарыяльныя знакі:

  • у Смольне, у 2012 годзе адкрыты мемарыяльны знак у гонар 100-годдзя першай сустрэчы Якуба Коласа і Янкі Купалы, якая адбылася ў жніўні 1912 года. 
  • у Прыстаньцы, так здаўна называлі маляўнічую мясціну на беразе Нёмана. Мемарыяльная дошка адкрыта з нагоды 110 годдзя нелегальнага настаўніцкага з’езда, які адбыўся  9 ліпеня 1906 года. З’езд быў выкрыты паліцыяй. За ўдзел у з’ездзе настаўнік Канстанцін Міцкевіч адбывае тры гады турэмнага зняволення ў Мінскім астрожным замку. 
  • Нясвіж, каледж. На будынку Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.
  • Зусім нядаўна ў 2019 годзе ў лясным урочышчы Яшукова Гара, якое размяшчаецца побач са старою дарогаю з Люсіна на Малькавічы, быў усталяваны памятны знак. Згадкі пра Яшукову Гару ёсць у самым пачатку другой часткі трылогіі «На ростанях» аповесці «У глыбі Палесся». Едучы да цягніка легенду пра злога пана Яшука Лабановічу расказаў адзін з герояў аповесці дзядзька Раман. 
  • Мемарыяльны знак каля дрэў, пасаджаных паэтам на сваёй сядзібе ў Мінску.ў 1945-1947 гг. 

 

 

Міцкевіч Васіліна Валер’еўна,

галоўны захавальнік фондаў

Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага

 музея Якуба Коласа.