background

Сардэчна запрашаем!

23.02.2022

Адкрыццё часовай экспазіцыі “Якуб Колас у творчасці мастакоў”

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

ПРЭС-РЭЛІЗ

“Якуб Колас у творчасці мастакоў”.

Часовая экспазіцыя мастацкіх работ да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

25 лютага ў 16. 30 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Якуб Колас у творчасці мастакоў” сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

Творчасць класіка айчыннай літаратуры народнага паэта Беларусі Якуба Коласа – невычэрпная крыніца тэм для жывапісцаў, скульптараў, майстроў кніжнай і станковай графікі. Не магла не прывабіць іх і асоба Якуба Коласа – чалавека, які так шчыра клапаціўся аб лёсе краіны і роднай беларускай мовы.

Яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы было зроблена мастацкае афармленне першых твораў паэта: вокладкі кніг, такіх як “Песні-жальбы” (1910 год), “Родныя з’явы” (1914 год) і інш.

Перыяду юнацтва і маладосці (вучобе ў настаўніцкай семінарыі, часоў педагагічнай працы, а таксама зняволення ў астрозе) былі прысвечаны творы Іллі Немагая “Развітанне з семінарыяй”, Валяр’яны Жолтак “У Люсінскай школе”, Уладзіміра Сулкоўскага “Якуб Колас у Мінскім астрозе”, Святаслава Федарэнкі “К.Міцкевіч з кнігай”.

Асоба Песняра натхняла майстроў пэндзлю і на класічныя партрэты, якія стваралі Валянцін Волкаў, Леанід Шчамялёў, Мікалай Апіёк, Іван Раманоўскі, Зянон Паўлоўскі, Святаслаў Федарэнка, Георгій Паплаўскі…

Моцныя ўражанні выклікаюць палотны Ісаака Давідовіча “Якуб Колас на возеры Нарач”, Святаслава Федарэнкі “Думы пра Беларусь”, Мікалая Кірэева “Якуб Колас у разбураным Мінску”.

На часовай экспазіцыі “Якуб Колас у творчасці мастакоў” будуць прадстаўлены 22 карціны вядомых беларускіх мастакоў, якія дапамогуць з розных ракурсаў паглядзець на асобу народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця часовай экспазіцыі выступяць вядомыя беларускія творцы, прагучаць вершы Якуба Коласа, музыка айчынных кампазітараў.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.

Афіцыйны сайт: www.kolasmuseum.com

e-mail: info@kolasmuseum.by