background

Сёння 10 мая спаўняецца 120-гадоў з дня нараджэння Народнага паэта Узбекскай ССР Гафура Гуляма

10.05.2023

Нарадзіўся Гафур Гулям у Ташкенце ў 1903 годзе. Яго бацька быў добра знаёмы з паэзіяй узбекскіх і пярсідскіх паэтаў, сам пісаў вершы. У іх доме нярэдка бывалі такія вядомыя майстры пяра як Мукімі, Фуркат і іншыя.

У 1916 годзе Гафур Гулям паступіў у вучэльню. Жыццё юнака не было лёгкім і бесклапотным. У хуткім часе паміраюць яго бацькі і Гафур Гулям становіцца беспрытульнікам. Пазней будучы паэт трапіў у дзіцячы дом. У свае маладыя гады Гафур Гулям паспрабаваў свае сілы ў дзясятках прафесій, змог атрымаць вышэйшую адукацыю – скончыў Ташкентскі педагагічны інстытут.

У 1919–1927 гадах Гафур Гулям працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, старшынёй Саюза работнікаў асветы, займаўся арганізацыяй дзіцячых інтэрнатаў і прыёмных пунктаў. З 1923 года пачаў друкаваць свае вершы, а таксама нарысы і гумарыстычныя апавяданні. Першы верш Гафура Гуляма «Дзеці Фелікса», які распавядае пра дзяцей-сірот, быў апублікаваны ў 1923 годзе. Гафур Гулям таксама займаўся перакладамі на ўзбекскую мову твораў Грыбаедава, Лермантава, Маякоўскага, Руставелі, Дантэ, Бамаршэ, Шэкспіра і іншых.

З Якубам Коласам Гафур Гулям пазнаёміўся ў 1941 годзе. Аб іх знаёмстве сведчыць ліст класіка беларускай літаратуры да яго сябра, беларускага пісьменніка Пятра Броўкі ад 3 снежня 1941 года: «Сяды-тады выступаю разам з іншымі пісьменнікамі. Быў на хімфаку 6/ХІ, у Доме Чырвонай Арміі, у адной з ваенных акадэмій. Учора быў вечар паэзіі. Выступалі: Э. Агняцвет, Хамід Алімджан, Гафур і яшчэ адзін узбекскі паэт…».  

У 1942 годзе ў Ташкенце да 60-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа на ўзбекскай мове быў выдадзены зборнік «Выбраныя вершы» з прадмовай і пад рэдакцыяй узбекскага паэта Хаміда Алімджана, які ў той час быў старшынёй Праўлення Саюза пісьменнікаў Узбекскай ССР. Узбекскі чытач упершыню пазнаёміўся з вершамі Якуба Коласа ў перакладах Гафура Гуляма, Зульфіі, Хаміда Гуляма, Тураба Тулы, Шэйхзадэ, Уйгуна, Міртэміра і іншых.

Гафур Гулям пераклаў на ўзбекскую мову такія вершы Якуба Коласа як «Невядомы хлопчык», «Фашысцкаму звяр’ю» і інш. А Якуб Колас прысвяціў свайму сябру артыкул «Гафур Гулям», які выйшаў да 50-годдзя з дня нараджэння ўзбекскага паэта і ўпершыню быў надрукаваны ў літаратурна-мастацкім часопісе «Звезда Востока» у 1953 годзе. Якуб Колас пісаў:

“Гафур Гулям!..

 Эти два слова стали для меня знаменем прекрасной узбекской советской поэзии. Они всегда глубоко волнуют и вызывают целый ряд неповторимых для меня картин чудесного Ташкента, его ласковых окрестностей, ярких молодых маков, пышно расцветающих с приходом весны в степях Узбекистана.

Гафур Гулям!

С его именем в моем представлении воскресают картины великого Ташкента, самого большого города Средней Азии, его многочисленные парки и бульвары, утопающие в ароматах цветов, красных и белых роз и тысячи иных цветов, названий которых я не знаю. В поэзии Гафура Гуляма я слышу аромат родного и мне Узбекистана, который взрастил и воспитал такого замечательного поэта, каковым является Гафур Гулям.

 Гафур Гулям!..

Это не только прекрасный поэт – он глубокий мудрец и философ, олицетворение мудрости и трудолюбивого, честного и мужественного узбекского народа, который я люблю так же, как люблю и свой белорусский народ…».

У 1960 годзе Гафур Гулям наведаў музей Якуба Коласа, сустракаўся з сынамі класіка Данілам і Міхасём Міцкевічамі. На памяць аб той сустрэчы захаваўся фотаздымак ўзбекскага творцы, які цяпер беражліва захоўваецца ў фондах музея.

У маі 2023 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Домам-музеем Гафура Гуляма ў Ташкенце. Калектыў музея Якуба Коласа віншуе калег з юбілеем славутага узбекскага паэта, жадае плёну і поспехаў у рэалізацыі творчых, навуковых і адукацыйных праектаў.