background

Творчая сустрэча з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Саладухам

14.02.2024

“Простыя словы: 65.0”

Творчая сустрэча з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь

Аляксандрам Саладухам

 

21 лютага 2024 года ў 18.00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на творчую сустрэчу з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Саладухам ў межах эксклюзіўнага музейнага праекта “Простыя словы: 65.0”.

2024 год з’яўляецца юбілейным для Дома-музея народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. 65 гадоў таму, 4 снежня 1959 года Літаратурны музей Якуба Коласа адчыніў дзверы для першых наведвальнікаў. Дом Песняра і пры яго жыцці быў цэнтрам духоўнага жыцця сталіцы, дзе панавала творчая і сяброўская атмасфера. Тут частымі гасцямі былі вядомыя пісьменнікі, вучоныя, палітыкі мастакі, артысты, музыканты. Таму пры адкрыцці музея яго стваральнікі на чале з сынам песняра і заснавальнікам установы Данілам Міцкевічам пастараліся захаваць тое асаблівае адчуванне цеплыні і зычлівасці, якія існавалі пры жыцці паэта.

Двухпавярховы дом, пабудаваны ў 1952 годзе ў стылі сталінскага ампіру, − падарунак савецкага ўрада першаму на той час пісьменніку краіны да 70-годдзя з дня нараджэння, і сёння з’яўляецца візітнай карткай горада Мінска, зберагае ўнікальную культурна-гістарычную спадчыну і здзіўляе крэатыўнымі праектамі.

У юбілейны год у працяг самага папулярнага праекта музея – “Простыя словы” – у Доме Песняра адбудзецца творчая сустрэча з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Саладухам, які сёлета таксама з’яўляецца юбілярам і адзначае свой 65-ты дзень нараджэння. Аляксандр Антонавіч часта прымае ўдзел у тэле- і радыё перадачах, выступае з канцэртамі ў краінах СНД. Пачаў сваю сольную кар’еру ў 1991 годзе і хутка атрымаў любоў слухачоў у Беларусі і за яе межамі! Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, выканаўца хітоў "Здравствуй, чужая милая", "Виноград зеленый", “Сотни километров до любви”, Аляксандр Саладуха на пытанне, дзе чэрпае натхненне, адказвае, што ў любові да роднай краіны, яе прыгожых гарадоў і, вядома ж, беларусаў. Другога такога адкрытага, шчырага і феерычнага чалавека, як Аляксандр Антонавіч, у нашым шоў-бізнэсе проста няма. Пагутарыць з ім любяць і журналісты, і прыхільнікі яго творчасці. Дарэчы, сёлета ў сям'і спевака некалькі юбілеяў: 20 гадоў вяселля з жонкай Наталляй, 65 гадоў Аляксандру, а ў красавіку 55 споўніцца Наталлі – на дваіх 120 гадоў!

21 лютага ў гасцей музея з’явіцца магчымасць не толькі паразмаўляць і задаць любыя пытанні выканаўцу, у тым ліку і аб асабістым жыцці, але і паслухаць самыя папулярныя хіты заслужанага артыста Беларусі.

Колькасць месцаў абмежанава, папярэдні запіс па тэлефоне 270-17-02 абавязковы.

Кошт квітка − 25 рублёў.

Сардэчна запрашаем!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by