background

Запрашаем на выстаўку!

23.09.2021

«Я — часовы вандроўнік…». Выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Шэсцьдзесят  пяць гадоў няма з намі класіка нацыянальнай літаратуры, настаўніка, мудрага чалавека. На рабочым стале Якуба Коласа ў Доме-музеі засталося ўсё так, як  было пры жыцці пісьменніка: недапісаны ліст рускаму літаратару Яўгену Мазалькову, барометр, чарнільны прыбор, гадзіннік, які спыніў свой ход 13 жніўня 1956 года ў 13 гадзін 20 хвілін…

Музей Якуба Коласа за доўгія гады існавання стаў цэнтрам беларускай культуры, дзе адбываюцца, як і пры жыцці песняра, творчыя сустрэчы з вядомымі людзьмі.

На выстаўцы экспануюцца чатыры фатаграфіі паэта, дзе пісьменнік прадстаўлены ў розныя адрэзкі часу і ў розных жыццёвых сітуацыях. Фотаздымкі былі зроблены ў перыяд з  1946  па  1956 год на Пухаўшчыне, у Мінску, у Каралішчавічах і на Нарачы.

Асаблівае пачуццё шчымлівасці выклікаюць асабістыя рэчы Якуба Коласа, якія дазваляюць паглядзець на яго не толькі як на славутага пісьменніка, але і як на чалавека.

  1. Якуб Колас у час адпачынку. Пухаўшчына. 1946 г.

Якуб Колас не любіў курортаў. Часта праводзіў час на Пухаўшчыне, дзе любаваўся чыстымі баравымі лясамі. Сталым прытулкам паэта быў Вусцянскі груд, узгорак у лесе за два-тры кіламетры ад вёскі Балачанкі. Пра гэта нам сведчыць фатаграфія,  якая была зроблена Міхасём Лыньковым у час адпачынку ў 1946 годзе. У лісце да М. Прозаравай ад 21.04.1952 г. Якуб Колас пісаў: «Уж очень люблю я Устье – Болочанку. Я даже не размежёвываю их, ибо это моя вторая родина. С этими местами меня связывают самые лучшие воспоминания  о М. Д. [Марии Дмитриевне], о боровиках…»

У адным з апошніх успамінаў пра Пухаўшчыну ў паэта ёсць радкі: «Эти места – Устье, Болочанка, Беразянка  – стали для меня священными»   (з ліста да Т. Ганчаровай ад 14.03.1955 г.).

2.Якуб Колас у сваім доме. Мінск. 1950-я гг.

Беларускі пісьменнік быў не толькі паэтам, празаікам, перакладчыкам, літаратурным крытыкам, але вучоным-мовазнаўцам, арганізатарам айчыннай навукі, вядомым грамадскім дзеячам, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, старшынёй Беларускага камітэта абароны міру. Якубу Коласу давялося ўдзельнічаць у шматлікіх паездках, выступаць на сходах, з’ездах, пленумах, канферэнцыях.

3. Якуб Колас у час адпачынку ў Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах. 1954, ліпень.

У Доме творчасці, які належыў Саюзу беларускіх пісьменнікаў,   Якуб Колас адпачываў з 1950 года. Народны паэт бываў тут у летнія месяцы. Пісьменніца Алена Васілевіч успамінала: «Пасля паездкі ў машыне, здарожыўшыся, Канстанцін Міхайлавіч адпачываў адзін дзе-небудзь ў плеценым крэсле ці на лаўцы паводдаль ад дзіцячай беганіны і крыку… Прыязджалі часам даведацца яго “хлопцы”: Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Максім Лужанін… Сядзелі, гаманілі, паволі прагульваліся, потым зноў прысядалі, каб Канстанцін Міхайлавіч адпачыў».  У Каралішчавічах Якуб Колас працаваў над трылогіяй  «На ростанях»,  напісаў шмат артыкулаў і вершаў.

У лісце да М. Прозаравай Якуб Колас піша пра Каралішчавічы: «Но хорошо в том отношении, что недалеко от Минска, что почти ежедневно есть транспорт, хорошее помещение, отличное питание. В грибное время много боровиков, дубовиков и еловиков». Свой 70-гадовы юбілей народны паэт адзначаў менавіта ў Каралішчавічах, дзе гасцямі былі пісьменнікі, вучоныя, артысты, дзяржаўныя дзеячы.

Якуб Колас на беразе возера Нарач. 1956, ліпень.

«Калі не памру ў Каралішчавічах, дык пастараюся зірнуць у ясныя вочы Нарачы», — пісаў Якуб Колас пісьменніку і свайму асабістаму сакратару Максіму Лужаніну 19 ліпеня 1955 года. Праз год адбылася апошняя паездка народнага паэта ў гэтую маляўнічую мясціну. Канстанцін Міхайлавіч часта бываў на дачы Міхася Лынькова, якую пісьменнік пабудаваў на Нарачы. Канстанціну Міхайлавічу возера вельмі падабалася. І пабыўшы там некалькі разоў, ён зрабіўся заўзятым прапагандыстам прыгажосці Нарачы, яе цудоўных асаблівасцей, выдатных перспектыў. Фотаздымак зроблены Міхасём Лыньковым незадоўга да смерці паэта. На гэтай фатаграфіі паэт нібы вітае кожнага, хто прыходзіць у музей, як бы даючы наказ словамі, напісанымі ў 1946 годзе ў замалёўцы «Мой запавет»:

«…Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас. Калі Вам будзе добра, калі Вы (я тут разумею ўвесь комплекс жыцця) пойдзеце па праўдзівай дарозе жыцця, калі Вы будзеце мець на ўвазе не толькі сябе, але і народ, які Вас пусціў у жыццё і калі Вы будзеце жыць народам дзеля народа, тады я скажу: няхай жа будзе шчасліва ваша дарога!

 

Куратар выстаўкі,

навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела

Таццяна Макаранка